Дзень роднай мовы ў сярэдняй групе №7

22.02.2023

Навучанню дзяцей роднай мове, авалоданню яе багаццем надаецца вялікае значэнне ў вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Родная мова з'яўляецца значным сродкам засваення дзецьмі культуры свайго народа, фарміравання пачуцця нацыянальнага гонару, менавіта родная гаворка спрыяе духоўнаму развіццю асобы дзіцяці.

         У рамках Міжнароднага дня роднай мовы ў ДУА «Дзіцячы сад № 28 г.Мазыра» у сярэдняй групе №7 асаблівая ўвага надавалася зносінам на роднай мове. У гэты дзень з самай раніцы стараліся прыцягнуць дзяцей да зносін на роднай мове, у госці да дзяцей прыйшла лялька Васілінка, пачуўшы беларускую мову лялькі, дзеці з вялікім задавальненнем пачыналі размаўляць з ей на беларускай мове. Васілінка запрасіла дзяцей на выставу беларускіх нацыянальных касцюмаў, затым дзеці пагулялі ў гульню «Апрані лялек».

Любімым відам дзейнасці нашых выхаванцаў з'яўляецца гульня, і дзеці з вялікім задавальненнем разам са сваімі сябрамі гулялі ў беларускія народныя гульні «Лянок», «Гаспадыня і кот», «Гарлачык», «Мы проса сеялі», «Міхасік», «Шэры кот».

З вялікай цікавасцю выхаванцы разгледзелі беларускія ручнікі. Мова вышыўкі, не горшая за словы, можа расказаць гісторыю беларускага народа. Яна адкрывае нам цэлы свет вобразаў, падзей, вераванняў і лёсаў многіх пакаленняў беларусаў. Для беларусаў ручнік — не проста рэч хатняга выкарыстання, але ж і нацыянальная каштоўнасць.

Дзецям было прапанавана заняцца дзіцячым дызайнам і з дапамогай нітак для вязання і фарбаў паспрабаваць сябе ў ролі майстроў па ткацтве ручнікоў.

Вось так цікава і пазнавальна прайшоў Дзень роднай мовы ў нашай групе.

Матэрыял падрыхтаваны

выхавацелем дашкольнай адукацыi

Шэўка Г.М.