Дзень роднай мовы

Фiзкультурны занятак з выкарыстаннем беларускiх народных гульняў «Забавы Старушкi-Весялушкi»

Задачы:

1) вучыць дзяцей мэтанакiравана выкарыстоўваць набыты руховы вопыт у гульнёвых абставiнах;

2) развiваць iмправiзацыйныя здольнасцi, хуткасць, спрытнасць, увагу, памяць, кемлiвасць;

3) далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры праз азнаямленне з народнымi песнямi, гульнямi, загадкамi, лiчылкамi. Замацаваць правiлы i словы знаёмых беларускiх гульняў;

4) выхоўваць станоўчыя сяброўскiя адносiны, пачуццё калектывiзму, спрыяць развiццю творчай асобы дзiцяцi, добраму настрою.

Месца правядзення: музыкальна-спартыўная зала.

Дзеючыя персанажы: старушка-Весялушка, Несцерка.

Iнвентар i абсталяванне: касцюмы старушкi-Весялушкi, Несцеркi; самакат; торбачка; белая барада; намаляваная паштоўка; маска ката; намаляваны ручаёк; лялька, якая гаворыць; птушка-цацка; 2 мяча, 2 вялiкiх куба, вобруч; эмблемы на кожнае дзiця (2 каманды: буслiк i валошкi); цукеркi «Чупа-чупс»; магнiтафон; фанаграма з ансамблем «Музыкi»; спартыўная форма для дзяцей; стужачкi- павязкi з беларускiм арнаментам на голавы дзяцей; рушнiкi, лялькi ў нацыянальным адзеннi для убранства залы.

 

Ход занятка. 

(Дзецi ўваходзяць узал, становяцца, вiтаюцца.

Пад вясёлую беларускую музыку на самакаце выязджае Старушка-Весялушка) 

Старушка-Весялушка: Прывiтанне ўсiм! Бачу, што ў вас сёння вясёлы настрой. Гэта цудоўна!

Старушка-Весялушка: Я-Старушка-Весялушка завiтала ў ваш садок.

                                           Усiх шчыра запрашаю пагуляць са мной разок.

                                           Цi разок, а цi два? Пачынаем дзетвара!

Старушка-Весялушка: Ой, пачакайце! Я так весялiлася, што зусiм забылася, што была ж я не адна! (Заве) Дзе ж ты дзеўся, мой унучак?

(Пад вясёлую музыку ўваходзiць Несцерка з торбачкай) 

Несцерка: Добры дзень, усяму добраму люду! Усе госцi сышлiся-сабралiся? Добры дзень, мае дзетачкi-кветачкi! Вы спытаеце, хто я такi? Несцеркам мяне клiчуць. А гэта (паказвае рукой)- мая бабулька- Старушка-Весялушка.

Старушка-Весялушка: Зараз мы пачнем гуляць, падарункi разглядаць.

                                  А яшчэ хачу сказаць: правiлы гульняў будзем саблюдаць!

Старушка-Весялушка: Што тут ёсць цiкавага?

(Заглядваюць у торбачку,дастаюць малюнак, на якiм намаляваны ручаёк. Загадвае загадку)

Усмiхнулась зранку сонца i сказала скрозь аконца:

«Устань жа ты хутчэй з пячы, паглядзi бягуць…» (руч`i)

Старушка-Весялушка: Дзецi, як вы думаеце, у якую гульню мы зараз будзем гуляць?

Дзецi: «Ручаёк»!

(Пад беларускую музыку пачынаецца гульня «Ручаёк». Пачынае Несцерка, потым - бабуля).

Дзецi становяцца парамi адзiн за адным, трымаючыся за ўзнятыя рукi (жывы калідор). У яго,нахiляючыся, спераду заходзiць адзiн гулец, бярэ за руку любога з пары i, атрыманая новая пара становiцца ў канец. Той, хто застаецца адзiн, iдзе выбiраць напарнiка i «ручаёк працякае» далей. (5-6 разоў).

(Старушка-Весялушка заглядвае ў торбачку) 

Старушка-Весялушка: А гэта што такое? (Дастае белую бараду)

Старушка-Весялушка: Дзецi, як вы думаеце, у якую гульню мы зараз будзем гуляць?

Дзецi: «У Мазаля»!

Старушка-Весялушка: Памятаеце правiлы гульнi?

(Несцерка лiчылкай выбiрае дзеда Мазаля, якому адзяваюць белую бараду)

Пятро, Пятро, падай вядро.

Карове пiць – табе вадзiць! 

Гульня «У Мазаля»

Дзецi iдуць па кругу са словамi: «Прывiтанне, дзед Мазаль з доўгай белай барадой, з чорнымi вачамi, з белымi вусамi!» Дзед Мазаль: «Прывiтанне, дзеткi! Дзе вы былi, што рабiлi?» Дзецi: «Дзе мы былi мы не скажам, што рабiлi мы пакажам» (дзецi згаворваюцца i паказваюць якое-небудзь дзейства). Дзед Мазаль на сваё месца выбiрае таго,хто лепш паказаў дзейства. Другi  раз дзед пытае: « Дзе вы былi? Каго бычылi?» (дзецi паказваюць жабу, змяю i г.д.) 3-4 разы

Старушка-Весялушка: Як добра з вамi гуляць! Цiкава, што яшчэ ёсць у торбачцы? (Дастае паштоўку, на якой напiсана «Калiм-бам-ба»)

Старушка-Весялушка: Што гэта такое, дзеткi?

Дзецi: Гульня!

Гульня «Калiм-бам-ба»

Дзецi падзяляюцца на дзве каманды: «Буслiк» i «Валошкi» (эмблемы). Становяцца ў дзве шэрэнгi па розных баках зала. Памiж iмi iдзе гаворка. «Буслiк»: «Калiм-бам-ба». «Валошкi»: «На што слуга?» «Буслiк»: «Прышыць рукавы» «Валошкi»: «На чые бакi?» «Буслiк»:»Пятае, дзесятае (iмя)сюды!»

Названае дзiця бяжыць да дзяцей з другой шэрэнгi i спрабуе разарваць яе. Калi дзiця разрывае, то вядзе ў сваю шэрэнгу аднаго з гульцоў, у месцы, дзе разарваў. Калi не разарве, застаецца ў шэрэнзе супернiкаў. (4-6 разоў) 

(Старушка-Весялушка заглядвае ў торбачку i пытае)

Старушка-Весялушка: А гэта што такое? (дастае шапачку ката)? У якую гульню пагуляем?

Дзецi: «Шэры кот!»

(Дзiця лiчыць)

Раз, два, тры, чатыры ката грамаце вучылi:

Не чытаць, не пiсаць, а за мышкамi скакаць! 

Гульня «Шэры кот»

«Мышы» становяцца у калону за «катом», трымаючы за пояс адзiн аднаго. Пачынаюць рухацца. «Кот» пытае: «Ёсць мышы ў стозе?» «Мышы» адказваюць: «Ёсць!» «Кот»: «А ката баяцца?» «Мышы»: «Не!» «Кот»: «А

я –Катафей, разганю ўсiх мышэй!» «Мышы» разбягаюцца па пляцоўцы, а «кот» iх ловiць (2-3 разы). 

Дыхальная гiмнастыка «Бусел»

Мэта: развіццё плыўнага, доўгага выдыху.

Стоячы прама, развесцi рукі ў бакі, а адну нагу, сагнуўшы ў калене, вынесцi наперад. Зафіксаваць становішча на некалькі секунд. Трымаць раўнавагу. На выдыху апусціць нагу і рукі, ціха прамаўляючы "ш-ш-ш-ш". Паўтарыць 6-7 разоў. 

(Старушка-Весялушка заглядвае ў торбачку, з якой чуецца голас (лялька, якая гаворыць)

Старушка-Весялушка: Ой, а хто гэта гаворыць? (Адказы дзяцей) У якую гульню пагуляем?

Дзецi: «Адгадай, чый галасок»

Гульня «Адгадай, чый галасок»

Выбiраюць таго, хто будзе адгадваць. Ён становiцца ў цэнтр круга i заплюшчвае вочы. Дзецi становяцца ў круг i гавораць: «Сталi ў круг, i раз, два, тры – павярнулiся сябры» (крутяцца вакол сябе). А як скажам: «Скок-скок-скок!» (выхавальнiк паказвае на адно дзiця, якое i кажа словы «Скок-скок-скок») Усе разам:«Адгадай, чый галасок». Той, хто стаiць у цэнтры круга, павiнен здагадацца, хто казаў: «Скок-скок-скок!». Калi дагадваецца, то мяняюцца месцамi. Калi не, спрабуе яшчэ раз, пакуль не адгадае. (3-4 разы)

Старушка-Весялушка: Малайцы, дзетачкi! Нешта яшчэ засталося ў торбачцы. Зараз пабачым (дастае птушку-цацку i пытае,у якую гульню будуць гуляць)

Дзецi: «Прэла-гарэла».

Гульня «Прэла-гарэла»

Вядучы (выхавацель)у розных месцах хавае падарункi (цукеркi «Чупа-чупс»). Дзецi iдуць, размахваюць рукамi i гавораць: «Прэла-гарэла, за мора ляцела. А як прыляцела, дык недзе i села. Хто першы знойдзе, хай сабе i возьме!». Пасля гэтых слоў усе разыходзяцца i шукаюць схаваныя падарункi.

 

Старушка-Весялушка i Несцерка: Весела была з вамi, дзеткi. Дзякуем вас, дзеткi, дарагiя кветкi. Завiтаем у другi час, пагуляем яшчэ раз.

Выхавацель: I вас дзякуем, дарагiя госцi, за падарункi. Запрашаем вас да нас у наступны раз. Да пабачэння!

Старушка-Весялушка: Да пабачэння, сябры (выязджае на самакаце).

(Дзецi пад беларускую музыку выходзяць з залу)

 

 

 

 

свернуть

Гульнёвы час з выкарыстаннем беларускiх народных гульняў «Цудоўны куфар»

Задачы:

1) далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры праз азнаямленне з народнымi гульнямi, песнямi, загадкамi, лiчылкамi;

2) вучыць дзяцей мэтанакiравана выкарыстоўваць набыты руховы вопыт у гульнёвых абставiнах;

3)працягваць фарміраваць цікавасць у дзяцей да беларускіх народных гульняў; замацаваць правiлы i словы знаёмых беларускiх гульняў;

4)выхоўваць станоўчыя сяброўскiя адносiны, пачуццё калектывiзму, спрыяць развiццю творчай асобы дзiцяцi, добраму настрою.

5) пазнаёміць дзяцей з рознымі спосабамі выбару вядучага для рухавых гульняў розных тыпаў;

6) павышаць ўзровень прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў і развіваць творчы патэнцыял у выкарыстанні беларускіх народных гульняў пры арганізацыі выхаваўча-адукацыйнага працэсу.

Месца правядзення:спартыўная зала.

Iнвентар i абсталяванне:куфар; малюнак або штучная кветка гарлачыка (кувшiнкi); цацка змяя; шапачка-маска бусла; бульба, эмблемы морквы і буракоў,  мячы або кеглі, абручы= 2шт.; цацка свінні, мяч; шапачка-маска Міхасіка, абручы або слядочкі (на адзін менш за гульцоў); фарбы, рознакаляровыя кругі для дзяцей-фарбаў; фанаграма беларускага танца «Нарэчанька»; фанаграмы беларускай музыкі; птушка-цацка (або намаляваная); цукеркi «Чупа-чупс»; магнiтафон; фанаграма з беларускiмi народнымi песнямi; спартыўная форма для дзяцей; стужачкi- павязкi з беларускiм арнаментам на голавы дзяўчынак і паясы для хлопчыкаў; рушнiкi, лялькi ў нацыянальным адзеннi для ўбранства залы.

 

Ход занятка.

(Пад вясёлую беларускую музыку дзецi  ўваходзяць у зал, строяцца у шарэнгу. Вітаюцца.)

ВЯДУЧЫ: Прывітанне ўсім! Бачу, што у вас сёння вясёлы настрой. Гэта цудоўна.

“Завітала да нас сёння багата гасцей…

“Прывітанне”,-  ім скажам і працягнем далей”.

Дзеці вітаюцца

ВЯДУЧЫ: Глядзіце, дзеці, што за цуд!?

                     З'явіўся куфар у нас тут.

                     Чаго ж на месцы мы стаім?

                     Давайце у куфар паглядзім.

Заглядваюць у куфар

ВЯДУЧЫ:Зараз мы пачнем гуляць, падарункі разглядаць.

А яшчэ хачу нагадаць: правілы гульняў будзем саблюдаць.

ВЯДУЧЫ:Пабачым, што тут ёсць цікавага…

Вядучы дастае з куфара штучны гарлачык (або намаляваны)

ВЯДУЧЫ:Дзеці, як вы думаеце, у якую гульню мы зараз будзем гуляць?

ДЗЕЦІ: “Гарлачык”.

ВЯДУЧЫ: Памятаеце правілы гульні?

Дзеці згадваюць правілы гульні.

Вядучы прапануе дзецям з дапамогай жЭрабя выбраць “пакупніка”. Дзеці па чарзе цягнуць бумажкі або палачкі, што прапануе вядучы. Хто выцягвае кароткую, той і “пакупнік”.

Гульня “ГАРЛАЧЫК” (2-3 разы)

Задачы: практыкаваць у хуткім бегу, уменні дзейнічаць па сігнале, хутка арыентавацца ў наваколлі; развіваць спрыт, увагу.

           Дзеці сядзяць па кругу на кукішках. Яны “гарлачыкі”. Па крузе ходзіць пакупнік. Спыніўшыся каля каго-небудзь, ён пытаецца: “Колькі каштуе гэты гарлачык?” Дзіця адказвае: “За гарлачык гэты дай мне зусім крышку: каб ніколi не хварэць – маннай кашы лыжку.” Пасля гэтых слоў дзіця-гарлачык паднімаецца на ногі і бяжыць па крузе ў адным напрамку, а пакупнік -  у другім (насустрач яму). Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Той, хто спазняецца, становіцца пакупніком.

Правілы гульні: дзеці павінны бегчы па крузе у розных напрамках; пасля слоў “маннай кашы лыжку” кожны з іх імкнецца заняць свабоднае месца.

Вядучы заглядвае ў куфар.

ВЯДУЧЫ: Дзеці, паглядзіце, што яшчэ я знайшла у куфары.

Дастае бульбу або моркву.

ВЯДУЧЫ: Як вы думаеце, навошта нам яна?

ДЗЕЦІ: Каб пасадзіць.

ВЯДУЧЫ: Правільна. Згуляем у гульню “Пасадка бульбы” (морквы). Каб далей нам весяліцца, трэба на каманды падзяліцца.

Вядучы раскідвае па пляцоўцы эмблемы з намаляванымі морквай ды буракамі, прыгаворвае:

“Кацілася торба з вялікай гары,

Рассыпаліся морква ды буракі.

Раз, два, тры,

Што паспееш, тое і падымі.”

Дзеці бягуць да эмблем-картак, імкнуцца ўзяць тую, якая падобаецца. Чапляюць сабе на майку. Такім чынам ствараюцца дзве каманды – “Морква” і “Буракі”.

Гульня “Пасадка бульбы” (морквы)(2-3 разы)

Задачы: развіваць спрыт, хуткаснасілавыя якасці, арыентаванне ў прасторы, увагу; удасканальваць уменне выконваць правілы сумленнай гульні; выхоўваць дакладнасць, адказнасць за індывідуальны ўклад у перамогу каманды.

Матэрыял: бульбіны (тэнісныя мячы або кубікі на кожнага ўдзельніка) або морква (кеглі), кошык, 2 абручы.

         Дзеці падзяляюцца на 2-3 каманды. Строяцца у калоны на чале з капітанамі, кожны атрымлівае “бульбіну” (“моркву”). На адлегласці 8-10 метраў на падлозе пакладзены абручы. Гэта поле. Па сігнале капітаны бягуць і садзяць “бульбу” (“моркву”) – кладуць яе ў абручы, вяртаюцца назад. Гульню па чарзе працягваюць наступныя члены каманды. Выйграе каманда, якая першай скончыць пасадку бульбы.

Варыянт гульні: 1) пасля пасадкi бульбы, можна прапанаваць сабраць яе з поля у кошык; 2) прапанаваць адной камандзе пасадзіць толькі чырвоную бульбу (мячы з кошыка браць толькі чырвоныя)(або буракі -чырвоныя кеглі), а другой -  толькі жоўтую (або моркву - аранжавыя кеглі).

Правілы гульні: калі бульба выкаціцца з абруча, ігрок вяртаецца і кладзе яе на месца. 

ВЯДУЧЫ: Каб дыханне аднавіць, нам патрэбна адпачыць.

Праводзіцца дыхальная гімнастыка “Бусел”

Дыхальная гімнастыка “Бусел”

(2-3 разы)

Па балоце, без дарогі

Ходзіць бусел даўганогі.

Спяваюць з ветрам камышы,

Падпявае бусел: “Ш-ш-ш” 

Дзеці ходзяць па пляцоўцы, падымаючы высока ногі, рукіў бакі.

Спыняюцца. Становяцца на адну нагу,

рукі ў бакі – удых. Апусціць нагу,

сказаць “ш-ш-ш” на выдыху

Чуюцца гукі свінні.

ВЯДУЧЫ:Дзеці, чуеце, што гэта за гукі? Паглядзім у куфар.

Дастае цацку свінні з куфара

ВЯДУЧЫ: Як называецца наступная гульня, у якую мы будзем гуляць?

ДЗЕЦІ:“Свінка”

ВЯДУЧЫ:Правільна. Прапаную выбраць вядучага. Хапайцеся хутчэй за палку, а я буду лічыць: “Вядучы- не вядучы”.

Дзеці хапаюцца за гімнастычную палку адной рукой па чарзе:адзін знізу, другі – зверху, трэці – зверху другога i г.д. Калі ўсе схопяцца, вядучы пачынае выбіраць,дакранаючыся да кожнай рукі са словамі: “Вода – не вОда”.

ВЯДУЧЫ: Перад тым, як гуляць, давайце разам успомнім правілы:

Вядучы пытае, дзеці адказваюць.

  1. Што трэба у гульні зрабіць? – Загнаць свінку (мяч) у хлявок.
  2. Як трэба гэта зрабіць? – Перакідваючы мяч нагамі.
  3. Што нельга у гульні рабіць? – Кранаць мяч рукамі і выходзіць за межы круга вядучаму.
  4. Што трэба рабіць вядучаму? – Выкідваць мяч з круга (перашкаджаць гульцам загнаць свінку (мяч) у хлявок)

Гульня “Свінка” (2-3 хвіліны)

Задачы: практыкаваць у пракочванні мяча нагой з пападаннем у цэль; развіваць спрыт, хуткасць рэакцыі; выхоўваць узгодненасць калектыўных дзеянняў.

Матэрыял: мяч, лапатка.

              Выбіраецца той, хто будзе вадзіць. У цэнтры круга -  яма-хлеў, побач кладзецца мяч (свінка). Дзеці становяцца за лінію круга і прыгаворваюць:

“Куба-куба-кубака, гонім свінку да хляўка!”

           Пасля гэтых слоў, той хто водзіць, лапаткай або нагой адкідвае мяч (свiнку) як мага далей у бок. Усе бягуць да свінкі, перакідваюць яе адзін аднаму нагаміі спрабуюць загнаць у хлявок. Той,хто водзіць, перашкаджае ім і выкідвае свінку з круга. Калі дзецям удаецца закінуць свінку ў хлеў, выбіраецца новы вядучы і гульня працягваецца.

Правілы гульні: 1) дзеці не павінны кранаць мяч рукой; 2) той, хто водзіць, не мае права выходзіць за межы круга.

ВЯДУЧЫ: А зараз, народ, станавіся ў карагод.

Будзем разам танцаваць,

Хутка лапці абуваць.

ВЯДУЧЫ: Як вы думаеце,дзецi, што зараз будзе за гульня?    

ДЗЕЦІ: Мiхасiк

ВЯДУЧЫ: Прапаную вам, дзецi, зняць абутак i пагуляць басанож. 

Дзецi здымаюць абутак i гуляюць у шкарпэтках.

Гульня “Мiхасiк” (2-3 хвіліны) або 3-4 разы

Задачы: практыкаваць ва уменнi ўзгадняць рухi з характарам мелодыi; развiваць спрыт, хуткасць, настойлiвасць.

Матэрыял:слядочкi (абутак, лапцi) на адну пару менш, чым гульцоў, шапачка-маска Мiхасiка, фанаграма беларускай музыкi.

Па крузе раскладзены слядочкi (парамi)або расстаўлены абутак (на адну пару менш, чым гульцоў) – гэта лапцi. Дзецi стаяць у баку ад лапцей. Вядучы гаворыць:

“Каму лапцей не хапае, той Мiхасiкам бывае.

Раз, два, тры, чатыры, пяць паспей лапцi хутчэй заняць”.

Пасля гэтых слоу усе дзецi бягуць да лапцей i iмкнуцца надзець лапцi. Той, хто застауся без лапцей, становiцца Мiхасiкам, атрымлiвае шапачку i гульня працягваецца. Дзецi гавораць:“Ты, Мiхасiк, не зявай! Хутка лапцi абувай!”

Гучыць беларуская народная мелодыя. Дзецi выконваюць танцавальныя рухi, перамяшчаюцца па крузе вакол лапцей:

  • падскокамi; 2) прыстаўнымi крокамi; 3)два крокi на насках, два крокi на пятках; 4) бакавым галопам; 5)спiной наперад i iнш.

Раптам музыка змаўкае i кожны з гульцоў, у тым лiку i Мiхасiк, павiнен хутка надзець лапцi. Хто застаўся без абутку,забiрае адну пару лапцей i выбывае з гульнi.АБО:становiцца Мiхасiкам (надзявае шапачку i працягвае гуляць далей.

Правілы гульні: пры кожным паўторы гульнi адна пара лапцей прымаецца i гулец выбывае з гульнi; гульня працягваецца да таго часу, пакуль не застанецца адзiн удзельнiк.

АБО: той удзельнiк, якому не хапiла лапцей, становiцца Мiхасiкам.

ВЯДУЧЫ: Дзецi,давайце пабачым, цi засталося яшчэ што-небудзь у куфары.

Заглядвае у куфар, дастае фарбы.

ВЯДУЧЫ:     Хто здагадауся, што зараз будзе за гульня?

ДЗЕЦІ: “Фарбы”

Гульня “Фарбы” (3-4разы)

Задачы: развiваць хуткасць, спрыт, увагу, памяць; выхоўваць арганiзаванасць, самастойнасць; прывiваць пачуццё радасцi за поспех таварышаў.

Матэрыял: фарбы рознакаляровыя з паперы на кожнага ўдзельнiка; шляпа для гаспадара; рага для чорта; абруч (дом для фарбы).

З дапамогай лiчылкi выбiраецца чорт.

“Я пайду куплю дуду, ды на вулiцу пайду.

Грамчэй,дудачка, дудзi!

Мы гуляем – ты вадзi!”

Чорт адыходзiць убок, а гаспадар (выхавацель) i фарбы цiхенька выбiраюць, хто якой фарбай будзе. Назву фарбам можа даваць гаспадар (выхавацель) або кожны сам выбiрае сабе якi-небудзь колер. Калi колеры выбраны, фарбы хаваюць iх у далонях, каб чорт не бачыу i  выстройваюцца у шарэнгу. Чорт падыходзiць да шарэнгi i гаворыць:

Я – чорт з рагамi, з гарачымi ланцугамi, iду, гадаю, зялёную (або iншую) фарбу шукаю!”Калi такога колеру сярод фарбаў няма, гаспадар гаворыць: “Такой фарбы у нас няма!” А ўсе фарбы пляскаюць у ладкii прыгаворваюць: “Пайдзi за зялёны лясок, знайдзi зялёны чабаток. Панасi, панасi  i нам прынясi!”Пасля гэтых слоў чорт адыходзiць убок, потым вяртаецца i працягвае шукаць iншую фарбу. Калi такая фарба ёсць, гаспадар гаворыць: “Ёсць сiняя (або iншая) фарба, бяры яе!”Усе фарбы пляскаюць у ладкi i прыгаворваюць: “Раз, два, тры, лавi!”Фарба ўцякае ў дом (абруч), якi знаходзiцца на iншым баку пляцоўкi, а чорт яе ловiць. Калi зловiць, мяняецца з ей ролямi. Калi не – гульня працягваецца з тым жа чортам.

Правiлы гульнi:фарба павiнна бегчы ў загадзя абазначанае месца; злоўленая фарба мяняецца ролямi з чортам.

ВЯДУЧЫ: Нагулялiся, наскакалiся?Прыйшоў час i гасцей павесялiць.

Станавiцесь у карагод,

Пару выбiрайце.

Мы вам рухi будзем паказваць,

А вы паўтарайце.

Гучыць беларуская народная мелодыя “Нарэчанька”.

Дзецi разам з гасцямi выконваюць танцавальныя рухi па крузе парамi, трымаючыся за рукi.

  • 1-4 –прыстаўныя крокі ўперад правай нагой;

ПАВАРОТ ВАКОЛ;

5-8- у другую сторану - прыстаўныя крокі ўперад левай нагой.

Апусцiць рукi.

1-8- пакружыцца вакол сябе управа- ПРЫТОП;

9-16- пакружыцца вакол сябе улева-ПРЫТОП.

  • Узяцца за рукi тварамi адзiн да аднаго(“лодачка”)

1-4- хада насустрач адзiн аднаму да левага пляча, рукi не рашчапляць развесцiў бакi- ПРЫТОП; 5-8 – вярнуцца назад- ПРЫТОП;

9-12- хада насустрач адзiн аднаму да правага пляча, рукi не рашчапляць развесцi у бакi-ПРЫТОП; 13-16 – вярнуцца назад-ПРЫТОП.

1-8 – пакружыцца управа “лодачкай”, трымаючыся за рукi;

9-16 -  пакружыцца улева “лодачкай”, трымаючыся за рукi.

ПАЎТАРЫЦЬ УСЕ РУХІ З 1 да канца танцу.

ВЯДУЧЫ:    Дзецi, калi ласка, паслухайце  невялiкi верш:

“Прэла-гарэла , за мора ляцела,

А як прыляцела, дык недзе i села.

Хто гэта знойдзе, хай сабе i возьме.”

ВЯДУЧЫ:    Зараз прапаную вам згуляць у апошнюю гульню “Прэла-гарэла”.

Загадзя па зале у розных месцах схаваны цукеркі на кожнае дзіця.

Гульня “Прэла-гарэла”

Задачы: развiваць хуткасць рэакцыi, кемлiвасць, уменне дзейнiчаць па сiгнале; прывiваць пачуццё радасцi за поспех таварышаў.

Матэрыял: цукеркi “Чупа-чупс”

Да пачатку гульнi педагог у розных месцах пляцоўкi хавае цукеркi. Дзецi становяцца ў круг i гавораць:

“Прэла-гарэла , за мора ляцела,

А як прыляцела, дык недзе i села.

Хто гэта знойдзе, хай сабе i возьме.”

Пасля гэтага яны разбягаюцца па пляцоўцы i шукаюць схаваныя цукеркi.

Правiлы гульнi: дзецi не павiнны ведаць i бачыць, куды педагог хавае цукеркi. Хто знойдзе больш за ўсiх, той i выйграў. Гульцы пачынаюць шукаць прадметы толькi пасля таго, як сказаны ўсе словы. У той час, калi вядучы хавае прадметы, усе павiнны стаяць спiной да яго з заплюшчанымi вачыма.

ВЯДУЧЫ:Вось i скончыўся наш занятак. Куфар застаўся пустым, а гэта значыць, што прыйшоў час развiтацца.

Малайцы, вы ўсе, рабяткi:

I хлопчыкi, i дзяўчаткi.

Пачастункi свае трымайце

Ды ў групу з сабой забiрайце.

ВЯДУЧЫ:     Дзякуем i вам, дарагiя госцi за ўвагу. Запрашаем вас да нас у наступны раз.

ВЯДУЧЫ:     Да пабачэння.

Дзецi развiтваюцца i пад вясёлую беларускую музыку выходзяць з залу.

 

свернуть