Дзень роднай мовы
Фiзкультурны занятак з выкарыстаннем беларускiх народных гульняў «Забавы Старушкi-Весялушкi»
Задачы:
1) вучыць дзяцей мэтанакiравана выкарыстоўваць набыты руховы вопыт у гульнёвых абставiнах;
2) развiваць iмправiзацыйныя здольнасцi, хуткасць, спрытнасць, увагу, памяць, кемлiвасць;
3) далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры праз азнаямленне з народнымi песнямi, гульнямi, загадкамi, лiчылкамi. Замацаваць правiлы i словы знаёмых беларускiх гульняў;
4) выхоўваць станоўчыя сяброўскiя адносiны, пачуццё калектывiзму, спрыяць развiццю творчай асобы дзiцяцi, добраму настрою.
Месца правядзення: музыкальна-спартыўная зала.
Дзеючыя персанажы: старушка-Весялушка, Несцерка.
Iнвентар i абсталяванне: касцюмы старушкi-Весялушкi, Несцеркi; самакат; торбачка; белая барада; намаляваная паштоўка; маска ката; намаляваны ручаёк; лялька, якая гаворыць; птушка-цацка; 2 мяча, 2 вялiкiх куба, вобруч; эмблемы на кожнае дзiця (2 каманды: буслiк i валошкi); цукеркi «Чупа-чупс»; магнiтафон; фанаграма з ансамблем «Музыкi»; спартыўная форма для дзяцей; стужачкi- павязкi з беларускiм арнаментам на голавы дзяцей; рушнiкi, лялькi ў нацыянальным адзеннi для убранства залы.
Ход занятка.
(Дзецi ўваходзяць узал, становяцца, вiтаюцца.
Пад вясёлую беларускую музыку на самакаце выязджае Старушка-Весялушка)
Старушка-Весялушка: Прывiтанне ўсiм! Бачу, што ў вас сёння вясёлы настрой. Гэта цудоўна!
Старушка-Весялушка: Я-Старушка-Весялушка завiтала ў ваш садок.
Усiх шчыра запрашаю пагуляць са мной разок.
Цi разок, а цi два? Пачынаем дзетвара!
Старушка-Весялушка: Ой, пачакайце! Я так весялiлася, што зусiм забылася, што была ж я не адна! (Заве) Дзе ж ты дзеўся, мой унучак?
(Пад вясёлую музыку ўваходзiць Несцерка з торбачкай)
Несцерка: Добры дзень, усяму добраму люду! Усе госцi сышлiся-сабралiся? Добры дзень, мае дзетачкi-кветачкi! Вы спытаеце, хто я такi? Несцеркам мяне клiчуць. А гэта (паказвае рукой)- мая бабулька- Старушка-Весялушка.
Старушка-Весялушка: Зараз мы пачнем гуляць, падарункi разглядаць.
А яшчэ хачу сказаць: правiлы гульняў будзем саблюдаць!
Старушка-Весялушка: Што тут ёсць цiкавага?
(Заглядваюць у торбачку,дастаюць малюнак, на якiм намаляваны ручаёк. Загадвае загадку)
Усмiхнулась зранку сонца i сказала скрозь аконца:
«Устань жа ты хутчэй з пячы, паглядзi бягуць…» (руч`i)
Старушка-Весялушка: Дзецi, як вы думаеце, у якую гульню мы зараз будзем гуляць?
Дзецi: «Ручаёк»!
(Пад беларускую музыку пачынаецца гульня «Ручаёк». Пачынае Несцерка, потым - бабуля).
Дзецi становяцца парамi адзiн за адным, трымаючыся за ўзнятыя рукi (жывы калідор). У яго,нахiляючыся, спераду заходзiць адзiн гулец, бярэ за руку любога з пары i, атрыманая новая пара становiцца ў канец. Той, хто застаецца адзiн, iдзе выбiраць напарнiка i «ручаёк працякае» далей. (5-6 разоў).
(Старушка-Весялушка заглядвае ў торбачку)
Старушка-Весялушка: А гэта што такое? (Дастае белую бараду)
Старушка-Весялушка: Дзецi, як вы думаеце, у якую гульню мы зараз будзем гуляць?
Дзецi: «У Мазаля»!
Старушка-Весялушка: Памятаеце правiлы гульнi?
(Несцерка лiчылкай выбiрае дзеда Мазаля, якому адзяваюць белую бараду)
Пятро, Пятро, падай вядро.
Карове пiць – табе вадзiць!
Гульня «У Мазаля»
Дзецi iдуць па кругу са словамi: «Прывiтанне, дзед Мазаль з доўгай белай барадой, з чорнымi вачамi, з белымi вусамi!» Дзед Мазаль: «Прывiтанне, дзеткi! Дзе вы былi, што рабiлi?» Дзецi: «Дзе мы былi мы не скажам, што рабiлi мы пакажам» (дзецi згаворваюцца i паказваюць якое-небудзь дзейства). Дзед Мазаль на сваё месца выбiрае таго,хто лепш паказаў дзейства. Другi раз дзед пытае: « Дзе вы былi? Каго бычылi?» (дзецi паказваюць жабу, змяю i г.д.) 3-4 разы
Старушка-Весялушка: Як добра з вамi гуляць! Цiкава, што яшчэ ёсць у торбачцы? (Дастае паштоўку, на якой напiсана «Калiм-бам-ба»)
Старушка-Весялушка: Што гэта такое, дзеткi?
Дзецi: Гульня!
Гульня «Калiм-бам-ба»
Дзецi падзяляюцца на дзве каманды: «Буслiк» i «Валошкi» (эмблемы). Становяцца ў дзве шэрэнгi па розных баках зала. Памiж iмi iдзе гаворка. «Буслiк»: «Калiм-бам-ба». «Валошкi»: «На што слуга?» «Буслiк»: «Прышыць рукавы» «Валошкi»: «На чые бакi?» «Буслiк»:»Пятае, дзесятае (iмя)сюды!»
Названае дзiця бяжыць да дзяцей з другой шэрэнгi i спрабуе разарваць яе. Калi дзiця разрывае, то вядзе ў сваю шэрэнгу аднаго з гульцоў, у месцы, дзе разарваў. Калi не разарве, застаецца ў шэрэнзе супернiкаў. (4-6 разоў)
(Старушка-Весялушка заглядвае ў торбачку i пытае)
Старушка-Весялушка: А гэта што такое? (дастае шапачку ката)? У якую гульню пагуляем?
Дзецi: «Шэры кот!»
(Дзiця лiчыць)
Раз, два, тры, чатыры ката грамаце вучылi:
Не чытаць, не пiсаць, а за мышкамi скакаць!
Гульня «Шэры кот»
«Мышы» становяцца у калону за «катом», трымаючы за пояс адзiн аднаго. Пачынаюць рухацца. «Кот» пытае: «Ёсць мышы ў стозе?» «Мышы» адказваюць: «Ёсць!» «Кот»: «А ката баяцца?» «Мышы»: «Не!» «Кот»: «А
я –Катафей, разганю ўсiх мышэй!» «Мышы» разбягаюцца па пляцоўцы, а «кот» iх ловiць (2-3 разы).
Дыхальная гiмнастыка «Бусел»
Мэта: развіццё плыўнага, доўгага выдыху.
Стоячы прама, развесцi рукі ў бакі, а адну нагу, сагнуўшы ў калене, вынесцi наперад. Зафіксаваць становішча на некалькі секунд. Трымаць раўнавагу. На выдыху апусціць нагу і рукі, ціха прамаўляючы "ш-ш-ш-ш". Паўтарыць 6-7 разоў.
(Старушка-Весялушка заглядвае ў торбачку, з якой чуецца голас (лялька, якая гаворыць)
Старушка-Весялушка: Ой, а хто гэта гаворыць? (Адказы дзяцей) У якую гульню пагуляем?
Дзецi: «Адгадай, чый галасок»
Гульня «Адгадай, чый галасок»
Выбiраюць таго, хто будзе адгадваць. Ён становiцца ў цэнтр круга i заплюшчвае вочы. Дзецi становяцца ў круг i гавораць: «Сталi ў круг, i раз, два, тры – павярнулiся сябры» (крутяцца вакол сябе). А як скажам: «Скок-скок-скок!» (выхавальнiк паказвае на адно дзiця, якое i кажа словы «Скок-скок-скок») Усе разам:«Адгадай, чый галасок». Той, хто стаiць у цэнтры круга, павiнен здагадацца, хто казаў: «Скок-скок-скок!». Калi дагадваецца, то мяняюцца месцамi. Калi не, спрабуе яшчэ раз, пакуль не адгадае. (3-4 разы)
Старушка-Весялушка: Малайцы, дзетачкi! Нешта яшчэ засталося ў торбачцы. Зараз пабачым (дастае птушку-цацку i пытае,у якую гульню будуць гуляць)
Дзецi: «Прэла-гарэла».
Гульня «Прэла-гарэла»
Вядучы (выхавацель)у розных месцах хавае падарункi (цукеркi «Чупа-чупс»). Дзецi iдуць, размахваюць рукамi i гавораць: «Прэла-гарэла, за мора ляцела. А як прыляцела, дык недзе i села. Хто першы знойдзе, хай сабе i возьме!». Пасля гэтых слоў усе разыходзяцца i шукаюць схаваныя падарункi.
Старушка-Весялушка i Несцерка: Весела была з вамi, дзеткi. Дзякуем вас, дзеткi, дарагiя кветкi. Завiтаем у другi час, пагуляем яшчэ раз.
Выхавацель: I вас дзякуем, дарагiя госцi, за падарункi. Запрашаем вас да нас у наступны раз. Да пабачэння!
Старушка-Весялушка: Да пабачэння, сябры (выязджае на самакаце).
(Дзецi пад беларускую музыку выходзяць з залу)
Гульнёвы час з выкарыстаннем беларускiх народных гульняў «Цудоўны куфар»
Задачы:
1) далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры праз азнаямленне з народнымi гульнямi, песнямi, загадкамi, лiчылкамi;
2) вучыць дзяцей мэтанакiравана выкарыстоўваць набыты руховы вопыт у гульнёвых абставiнах;
3)працягваць фарміраваць цікавасць у дзяцей да беларускіх народных гульняў; замацаваць правiлы i словы знаёмых беларускiх гульняў;
4)выхоўваць станоўчыя сяброўскiя адносiны, пачуццё калектывiзму, спрыяць развiццю творчай асобы дзiцяцi, добраму настрою.
5) пазнаёміць дзяцей з рознымі спосабамі выбару вядучага для рухавых гульняў розных тыпаў;
6) павышаць ўзровень прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў і развіваць творчы патэнцыял у выкарыстанні беларускіх народных гульняў пры арганізацыі выхаваўча-адукацыйнага працэсу.
Месца правядзення:спартыўная зала.
Iнвентар i абсталяванне:куфар; малюнак або штучная кветка гарлачыка (кувшiнкi); цацка змяя; шапачка-маска бусла; бульба, эмблемы морквы і буракоў, мячы або кеглі, абручы= 2шт.; цацка свінні, мяч; шапачка-маска Міхасіка, абручы або слядочкі (на адзін менш за гульцоў); фарбы, рознакаляровыя кругі для дзяцей-фарбаў; фанаграма беларускага танца «Нарэчанька»; фанаграмы беларускай музыкі; птушка-цацка (або намаляваная); цукеркi «Чупа-чупс»; магнiтафон; фанаграма з беларускiмi народнымi песнямi; спартыўная форма для дзяцей; стужачкi- павязкi з беларускiм арнаментам на голавы дзяўчынак і паясы для хлопчыкаў; рушнiкi, лялькi ў нацыянальным адзеннi для ўбранства залы.
Ход занятка.
(Пад вясёлую беларускую музыку дзецi ўваходзяць у зал, строяцца у шарэнгу. Вітаюцца.)
ВЯДУЧЫ: Прывітанне ўсім! Бачу, што у вас сёння вясёлы настрой. Гэта цудоўна.
“Завітала да нас сёння багата гасцей…
“Прывітанне”,- ім скажам і працягнем далей”.
Дзеці вітаюцца
ВЯДУЧЫ: Глядзіце, дзеці, што за цуд!?
З'явіўся куфар у нас тут.
Чаго ж на месцы мы стаім?
Давайце у куфар паглядзім.
Заглядваюць у куфар
ВЯДУЧЫ:Зараз мы пачнем гуляць, падарункі разглядаць.
А яшчэ хачу нагадаць: правілы гульняў будзем саблюдаць.
ВЯДУЧЫ:Пабачым, што тут ёсць цікавага…
Вядучы дастае з куфара штучны гарлачык (або намаляваны)
ВЯДУЧЫ:Дзеці, як вы думаеце, у якую гульню мы зараз будзем гуляць?
ДЗЕЦІ: “Гарлачык”.
ВЯДУЧЫ: Памятаеце правілы гульні?
Дзеці згадваюць правілы гульні.
Вядучы прапануе дзецям з дапамогай жЭрабя выбраць “пакупніка”. Дзеці па чарзе цягнуць бумажкі або палачкі, што прапануе вядучы. Хто выцягвае кароткую, той і “пакупнік”.
Гульня “ГАРЛАЧЫК” (2-3 разы)
Задачы: практыкаваць у хуткім бегу, уменні дзейнічаць па сігнале, хутка арыентавацца ў наваколлі; развіваць спрыт, увагу.
Дзеці сядзяць па кругу на кукішках. Яны “гарлачыкі”. Па крузе ходзіць пакупнік. Спыніўшыся каля каго-небудзь, ён пытаецца: “Колькі каштуе гэты гарлачык?” Дзіця адказвае: “За гарлачык гэты дай мне зусім крышку: каб ніколi не хварэць – маннай кашы лыжку.” Пасля гэтых слоў дзіця-гарлачык паднімаецца на ногі і бяжыць па крузе ў адным напрамку, а пакупнік - у другім (насустрач яму). Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Той, хто спазняецца, становіцца пакупніком.
Правілы гульні: дзеці павінны бегчы па крузе у розных напрамках; пасля слоў “маннай кашы лыжку” кожны з іх імкнецца заняць свабоднае месца.
Вядучы заглядвае ў куфар.
ВЯДУЧЫ: Дзеці, паглядзіце, што яшчэ я знайшла у куфары.
Дастае бульбу або моркву.
ВЯДУЧЫ: Як вы думаеце, навошта нам яна?
ДЗЕЦІ: Каб пасадзіць.
ВЯДУЧЫ: Правільна. Згуляем у гульню “Пасадка бульбы” (морквы). Каб далей нам весяліцца, трэба на каманды падзяліцца.
Вядучы раскідвае па пляцоўцы эмблемы з намаляванымі морквай ды буракамі, прыгаворвае:
“Кацілася торба з вялікай гары,
Рассыпаліся морква ды буракі.
Раз, два, тры,
Што паспееш, тое і падымі.”
Дзеці бягуць да эмблем-картак, імкнуцца ўзяць тую, якая падобаецца. Чапляюць сабе на майку. Такім чынам ствараюцца дзве каманды – “Морква” і “Буракі”.
Гульня “Пасадка бульбы” (морквы)(2-3 разы)
Задачы: развіваць спрыт, хуткаснасілавыя якасці, арыентаванне ў прасторы, увагу; удасканальваць уменне выконваць правілы сумленнай гульні; выхоўваць дакладнасць, адказнасць за індывідуальны ўклад у перамогу каманды.
Матэрыял: бульбіны (тэнісныя мячы або кубікі на кожнага ўдзельніка) або морква (кеглі), кошык, 2 абручы.
Дзеці падзяляюцца на 2-3 каманды. Строяцца у калоны на чале з капітанамі, кожны атрымлівае “бульбіну” (“моркву”). На адлегласці 8-10 метраў на падлозе пакладзены абручы. Гэта поле. Па сігнале капітаны бягуць і садзяць “бульбу” (“моркву”) – кладуць яе ў абручы, вяртаюцца назад. Гульню па чарзе працягваюць наступныя члены каманды. Выйграе каманда, якая першай скончыць пасадку бульбы.
Варыянт гульні: 1) пасля пасадкi бульбы, можна прапанаваць сабраць яе з поля у кошык; 2) прапанаваць адной камандзе пасадзіць толькі чырвоную бульбу (мячы з кошыка браць толькі чырвоныя)(або буракі -чырвоныя кеглі), а другой - толькі жоўтую (або моркву - аранжавыя кеглі).
Правілы гульні: калі бульба выкаціцца з абруча, ігрок вяртаецца і кладзе яе на месца.
ВЯДУЧЫ: Каб дыханне аднавіць, нам патрэбна адпачыць.
Праводзіцца дыхальная гімнастыка “Бусел”
Дыхальная гімнастыка “Бусел”
(2-3 разы)
Па балоце, без дарогі
Ходзіць бусел даўганогі.
Спяваюць з ветрам камышы,
Падпявае бусел: “Ш-ш-ш”
Дзеці ходзяць па пляцоўцы, падымаючы высока ногі, рукіў бакі.
Спыняюцца. Становяцца на адну нагу,
рукі ў бакі – удых. Апусціць нагу,
сказаць “ш-ш-ш” на выдыху
Чуюцца гукі свінні.
ВЯДУЧЫ:Дзеці, чуеце, што гэта за гукі? Паглядзім у куфар.
Дастае цацку свінні з куфара
ВЯДУЧЫ: Як называецца наступная гульня, у якую мы будзем гуляць?
ДЗЕЦІ:“Свінка”
ВЯДУЧЫ:Правільна. Прапаную выбраць вядучага. Хапайцеся хутчэй за палку, а я буду лічыць: “Вядучы- не вядучы”.
Дзеці хапаюцца за гімнастычную палку адной рукой па чарзе:адзін знізу, другі – зверху, трэці – зверху другога i г.д. Калі ўсе схопяцца, вядучы пачынае выбіраць,дакранаючыся да кожнай рукі са словамі: “Вода – не вОда”.
ВЯДУЧЫ: Перад тым, як гуляць, давайце разам успомнім правілы:
Вядучы пытае, дзеці адказваюць.
- Што трэба у гульні зрабіць? – Загнаць свінку (мяч) у хлявок.
- Як трэба гэта зрабіць? – Перакідваючы мяч нагамі.
- Што нельга у гульні рабіць? – Кранаць мяч рукамі і выходзіць за межы круга вядучаму.
- Што трэба рабіць вядучаму? – Выкідваць мяч з круга (перашкаджаць гульцам загнаць свінку (мяч) у хлявок)
Гульня “Свінка” (2-3 хвіліны)
Задачы: практыкаваць у пракочванні мяча нагой з пападаннем у цэль; развіваць спрыт, хуткасць рэакцыі; выхоўваць узгодненасць калектыўных дзеянняў.
Матэрыял: мяч, лапатка.
Выбіраецца той, хто будзе вадзіць. У цэнтры круга - яма-хлеў, побач кладзецца мяч (свінка). Дзеці становяцца за лінію круга і прыгаворваюць:
“Куба-куба-кубака, гонім свінку да хляўка!”
Пасля гэтых слоў, той хто водзіць, лапаткай або нагой адкідвае мяч (свiнку) як мага далей у бок. Усе бягуць да свінкі, перакідваюць яе адзін аднаму нагаміі спрабуюць загнаць у хлявок. Той,хто водзіць, перашкаджае ім і выкідвае свінку з круга. Калі дзецям удаецца закінуць свінку ў хлеў, выбіраецца новы вядучы і гульня працягваецца.
Правілы гульні: 1) дзеці не павінны кранаць мяч рукой; 2) той, хто водзіць, не мае права выходзіць за межы круга.
ВЯДУЧЫ: А зараз, народ, станавіся ў карагод.
Будзем разам танцаваць,
Хутка лапці абуваць.
ВЯДУЧЫ: Як вы думаеце,дзецi, што зараз будзе за гульня?
ДЗЕЦІ: “Мiхасiк”
ВЯДУЧЫ: Прапаную вам, дзецi, зняць абутак i пагуляць басанож.
Дзецi здымаюць абутак i гуляюць у шкарпэтках.
Гульня “Мiхасiк” (2-3 хвіліны) або 3-4 разы
Задачы: практыкаваць ва уменнi ўзгадняць рухi з характарам мелодыi; развiваць спрыт, хуткасць, настойлiвасць.
Матэрыял:слядочкi (абутак, лапцi) на адну пару менш, чым гульцоў, шапачка-маска Мiхасiка, фанаграма беларускай музыкi.
Па крузе раскладзены слядочкi (парамi)або расстаўлены абутак (на адну пару менш, чым гульцоў) – гэта лапцi. Дзецi стаяць у баку ад лапцей. Вядучы гаворыць:
“Каму лапцей не хапае, той Мiхасiкам бывае.
Раз, два, тры, чатыры, пяць паспей лапцi хутчэй заняць”.
Пасля гэтых слоу усе дзецi бягуць да лапцей i iмкнуцца надзець лапцi. Той, хто застауся без лапцей, становiцца Мiхасiкам, атрымлiвае шапачку i гульня працягваецца. Дзецi гавораць:“Ты, Мiхасiк, не зявай! Хутка лапцi абувай!”
Гучыць беларуская народная мелодыя. Дзецi выконваюць танцавальныя рухi, перамяшчаюцца па крузе вакол лапцей:
- падскокамi; 2) прыстаўнымi крокамi; 3)два крокi на насках, два крокi на пятках; 4) бакавым галопам; 5)спiной наперад i iнш.
Раптам музыка змаўкае i кожны з гульцоў, у тым лiку i Мiхасiк, павiнен хутка надзець лапцi. Хто застаўся без абутку,забiрае адну пару лапцей i выбывае з гульнi.АБО:становiцца Мiхасiкам (надзявае шапачку i працягвае гуляць далей.
Правілы гульні: пры кожным паўторы гульнi адна пара лапцей прымаецца i гулец выбывае з гульнi; гульня працягваецца да таго часу, пакуль не застанецца адзiн удзельнiк.
АБО: той удзельнiк, якому не хапiла лапцей, становiцца Мiхасiкам.
ВЯДУЧЫ: Дзецi,давайце пабачым, цi засталося яшчэ што-небудзь у куфары.
Заглядвае у куфар, дастае фарбы.
ВЯДУЧЫ: Хто здагадауся, што зараз будзе за гульня?
ДЗЕЦІ: “Фарбы”
Гульня “Фарбы” (3-4разы)
Задачы: развiваць хуткасць, спрыт, увагу, памяць; выхоўваць арганiзаванасць, самастойнасць; прывiваць пачуццё радасцi за поспех таварышаў.
Матэрыял: фарбы рознакаляровыя з паперы на кожнага ўдзельнiка; шляпа для гаспадара; рага для чорта; абруч (дом для фарбы).
З дапамогай лiчылкi выбiраецца чорт.
“Я пайду куплю дуду, ды на вулiцу пайду.
Грамчэй,дудачка, дудзi!
Мы гуляем – ты вадзi!”
Чорт адыходзiць убок, а гаспадар (выхавацель) i фарбы цiхенька выбiраюць, хто якой фарбай будзе. Назву фарбам можа даваць гаспадар (выхавацель) або кожны сам выбiрае сабе якi-небудзь колер. Калi колеры выбраны, фарбы хаваюць iх у далонях, каб чорт не бачыу i выстройваюцца у шарэнгу. Чорт падыходзiць да шарэнгi i гаворыць:
“Я – чорт з рагамi, з гарачымi ланцугамi, iду, гадаю, зялёную (або iншую) фарбу шукаю!”Калi такога колеру сярод фарбаў няма, гаспадар гаворыць: “Такой фарбы у нас няма!” А ўсе фарбы пляскаюць у ладкii прыгаворваюць: “Пайдзi за зялёны лясок, знайдзi зялёны чабаток. Панасi, панасi i нам прынясi!”Пасля гэтых слоў чорт адыходзiць убок, потым вяртаецца i працягвае шукаць iншую фарбу. Калi такая фарба ёсць, гаспадар гаворыць: “Ёсць сiняя (або iншая) фарба, бяры яе!”Усе фарбы пляскаюць у ладкi i прыгаворваюць: “Раз, два, тры, лавi!”Фарба ўцякае ў дом (абруч), якi знаходзiцца на iншым баку пляцоўкi, а чорт яе ловiць. Калi зловiць, мяняецца з ей ролямi. Калi не – гульня працягваецца з тым жа чортам.
Правiлы гульнi:фарба павiнна бегчы ў загадзя абазначанае месца; злоўленая фарба мяняецца ролямi з чортам.
ВЯДУЧЫ: Нагулялiся, наскакалiся?Прыйшоў час i гасцей павесялiць.
Станавiцесь у карагод,
Пару выбiрайце.
Мы вам рухi будзем паказваць,
А вы паўтарайце.
Гучыць беларуская народная мелодыя “Нарэчанька”.
Дзецi разам з гасцямi выконваюць танцавальныя рухi па крузе парамi, трымаючыся за рукi.
- 1-4 –прыстаўныя крокі ўперад правай нагой;
ПАВАРОТ ВАКОЛ;
5-8- у другую сторану - прыстаўныя крокі ўперад левай нагой.
Апусцiць рукi.
1-8- пакружыцца вакол сябе управа- ПРЫТОП;
9-16- пакружыцца вакол сябе улева-ПРЫТОП.
- Узяцца за рукi тварамi адзiн да аднаго(“лодачка”)
1-4- хада насустрач адзiн аднаму да левага пляча, рукi не рашчапляць развесцiў бакi- ПРЫТОП; 5-8 – вярнуцца назад- ПРЫТОП;
9-12- хада насустрач адзiн аднаму да правага пляча, рукi не рашчапляць развесцi у бакi-ПРЫТОП; 13-16 – вярнуцца назад-ПРЫТОП.
1-8 – пакружыцца управа “лодачкай”, трымаючыся за рукi;
9-16 - пакружыцца улева “лодачкай”, трымаючыся за рукi.
ПАЎТАРЫЦЬ УСЕ РУХІ З 1 да канца танцу.
ВЯДУЧЫ: Дзецi, калi ласка, паслухайце невялiкi верш:
“Прэла-гарэла , за мора ляцела,
А як прыляцела, дык недзе i села.
Хто гэта знойдзе, хай сабе i возьме.”
ВЯДУЧЫ: Зараз прапаную вам згуляць у апошнюю гульню “Прэла-гарэла”.
Загадзя па зале у розных месцах схаваны цукеркі на кожнае дзіця.
Гульня “Прэла-гарэла”
Задачы: развiваць хуткасць рэакцыi, кемлiвасць, уменне дзейнiчаць па сiгнале; прывiваць пачуццё радасцi за поспех таварышаў.
Матэрыял: цукеркi “Чупа-чупс”
Да пачатку гульнi педагог у розных месцах пляцоўкi хавае цукеркi. Дзецi становяцца ў круг i гавораць:
“Прэла-гарэла , за мора ляцела,
А як прыляцела, дык недзе i села.
Хто гэта знойдзе, хай сабе i возьме.”
Пасля гэтага яны разбягаюцца па пляцоўцы i шукаюць схаваныя цукеркi.
Правiлы гульнi: дзецi не павiнны ведаць i бачыць, куды педагог хавае цукеркi. Хто знойдзе больш за ўсiх, той i выйграў. Гульцы пачынаюць шукаць прадметы толькi пасля таго, як сказаны ўсе словы. У той час, калi вядучы хавае прадметы, усе павiнны стаяць спiной да яго з заплюшчанымi вачыма.
ВЯДУЧЫ:Вось i скончыўся наш занятак. Куфар застаўся пустым, а гэта значыць, што прыйшоў час развiтацца.
Малайцы, вы ўсе, рабяткi:
I хлопчыкi, i дзяўчаткi.
Пачастункi свае трымайце
Ды ў групу з сабой забiрайце.
ВЯДУЧЫ: Дзякуем i вам, дарагiя госцi за ўвагу. Запрашаем вас да нас у наступны раз.
ВЯДУЧЫ: Да пабачэння.
Дзецi развiтваюцца i пад вясёлую беларускую музыку выходзяць з залу.